ЗАТО́ЧНЫ СТАНО́К,
металарэзны шліфавальны станок для заточкі рэзальных інструментаў абразіўнымі (у т.л. алмазнымі, баразоннымі) шліфавальнымі кругамі. Бываюць універсальныя (на іх заточваюць усе асн. віды рэзальнага інструменту, робяць круглае і плоскае шліфаванне), спецыялізаваныя (для заточкі аднаго віду якога-н. стандартнага ці нармалізаванага інструменту: разцоў, свердлаў, фрэз, зенкераў, разгортак, дыскавых піл, метчыкаў і інш.) і спец. (для заточкі нестандартнага інструменту). Выкарыстоўваюцца таксама З.с. безабразіўнага заточвання: анодна-мех., электраіскравыя, ультрагукавыя. На Беларусі З.с. розных мадыфікацый выпускае Віцебскі завод заточных станкоў (з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас»).
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)